Скачать из Windows Phone Store
a a a a a a a

Трохпакаёвая кватэра ва Уруччы

9740 15

У рубрыцы “У гасцях” мы прапануем уладальнікам, а таксама дызайнерам падрабязна распавесці пра тое, з чаго складваўся інтэр’ер іх жылой прасторы, праекта ці працоўнага месца.

Вельмі моцная па энергетыцы, прасторная кватэра аўтарства Аляксандры Баярынай з першых хвілін прыйшлася да спадобы. З парога нас павітаў добразычлівы залацісты рэтрывер і адразу, як дома, стала камфортна і ўтульна. Па словах гаспадыні, менавіта такой задача і была — душэўнае і камфортнае жыллё.

       Аўтарка праекта – архітэктарка Аляксандра Баярына. 

МУЖЧЫНСКАЕ І ЖАНОЧАЕ…

—У сваёй працы я надаю асаблівую ўвагу камфорту асобы ў інтэр’еры. Любыя кампрамісы  для асобы, нават невялікія — прычына стрэса і ўнутраных перажыванняў. Калі рашэнні прымае муж, а жонка наўпрост прымае іх як дадзенае, то частка рашэнняў, якія ёй не вельмі падабаюцца, будуць выклікаць раздражненне— і так па кроплі кожны дзень. Калі муж і жонка спрабуюць дамовіцца і выбраць нейкае сярэдняе рашэнне, якое б задавальняна іх абодвух, а гэта самы папулярны метад праектавання ў нашай практыцы, то кампраміс атрымліваецца не лепшы, бо кожны з іх не будзе задаволены вынікам цалкам. З цягам часу да кампрамісаў можна прызвычаіцца, але што гэта, калі не гублянне сваёй асабы і свайго густу.

“Менавіта таму імкненне пазбегчы такіх кампрамісаў

ёсць галоўнай мэтай майго метада праектавання інтэр’ера”.

Задача забяспечыць бескампрамісны дызайн для гэтай сям’і вылілася ў прапанову падзяліць рэчы на мужчынскія і жаночыя. Кожны выбірае сваю частку бескампрамісна і шчыра. Кожны паважае выбар іншага, як паважае ўсе асаблівыя якасці характару ў любімым.  Мая роля дызайнера палягала ў тым, каб пільна сачыць за бескампраміснасцю і кантраляваць сяброўства дзвюх ліній – жаночай і мужчынскай. Працэс выбару матэрыялаў і мэблі стаў падобны на вясёлую гульню. А недзе пасярэдзіне працэса высветлілася, што амаль усе рашэнні жонкі падабаюцца мужу і наадварот. Што тут сказаць, сям’я аказалася на дзіва гарманічная.

ПРАЦЭС РАМОНТУ

—Працэс рамонту быў, як заўсёды, неідэальны, але ж вынікі задавальняючыя.

ХОЛ

— Хол у кватэры даволі вялікі. Гаспадарам хацелася надаць яму адчуванне жылога ўтульнага пакоя замест прахадной прасторы. Дзеля гэтай мэты мы ўладкавалі месца для чытання з канапай і добрым асвятленнем, побач размясцілася частка іх бібліятэкі. Іранічныя шпалеры з малпамі знакамітага брэнда Fornasetti сустракаюць на ўваходзе ў кватэру, настройваючы на пазітыў.

Вуглаватая канфігурацыя хола была выпраўлена дзякуючы двум стэлажам, на якіх знайшлі сваё месца старыя здымкі сваякоў. Пасля сканавання і рэтушы мы аформілі іх ў багетнай майстэрні – з пяшчотай падбіралі да кожнага паспарту і раму. На адным стэлажы здымкі з сямейнага альбома жонкі, на другім – з сямейнага альбома мужа.   

Сабака мае свой асабісты кут у холе, дзе яго чакае вада і ежа. Аздабленне ягонага месца пліткай са стракатай тэкстурай дазваляе яму не вельмі клапаціцца пра захаванасць рамонту гаспадароў.    

1 /

—Рашэнні па эканоміі месца таксама знайшлі прымяненне. На лоджыі гэта адкідны столік для кавы і віна, у гасцёўні гэта стол на колах, які накрывае пуф у эканомным рэжыме прасторы і, адпаведна, можа стаяць побач, калі гэта спатрэбіцца гаспадарам.

1 /

МЭБЛЕВАЯ ГІСТОРЫЯ

—Што тычыцца мэблі і матэрыялаў для аздаблення, акрамя эстэтычнасці было важна, каб па коштах не было моцных перакосаў і ўсе было недорага. Мы выкарысталі і мэблю з ДСП, і драўляную мэблю з Ikea, і італьянскую мэблю Calligaris, і нават некаторыя рэчы кітайскага паходжання. Частку драўляных прадметаў рабіў на заказ цясляр.

МАТЭРЫЯЛЫ АЗДАБЛЕННЯ

—Для сценаў была ўзгодненая прапанова камбінаваць фарбы і шпалеры. Фарбы – для фона, шпалеры – для сюжэтных акцэнтаў. Галоўны, светлы малочны колер фарбы у нас прысутнічае ў кожным пакоі. Фарбы нямецкія Caparol Amphibolin, шпалеры — вядучых еўрапейскіх фабрык.

Плітка для кватэры была падабраная амаль уся розных фабрык. У прыбіральні – керамінаўская, для ваннага пакою, падлогі хола, кухні і лоджыі – іспанская, для месца сабакі знайшлі прыгожую італьянскую плітку.

Для столі абралі нацяжны матэрыял, бо гэта танна і хутка ў мантажы. Выключэнне зрабілі для кухні і спальні. У кухні мэбля, што закрывае газавыя трубы, мусіла падыходзіць непасрэдна да столі і мець магчымасць функцыянальнага адкрывання. У спальні выкарысталі дрэва, каб надаць пакою характар прыемнага псіхалагічнага ціска натуральнага матэрыяла.

Паркетная дошка – фабрыкі Coswick. Плінтус было важна зрабіць тонкім, больш непрыкметным, таму мы выбралі плінтус іншага вытворцы. Для гасцінай і кухні прымянілі алюміневы плінтус— ён узорна ўпісаўся ў інтэр’ер.

Па тканінах мы выкарысталі частку з Ikea, а частку замовілі.

Важнымі для гаспадароў былі нюансныя характарыстыкі матэрыялаў, фактуры, тэкстуры. Усё абмяркоўвалі, шукалі такія спалучэнні, якія б радавалі вока сваімі адносінамі. І гэта тычылася як буйных рашэнняў, так і падбору аксэсуараў – ні воднай рэчы выпадковай у кватэры няма.

У ГАСЦЁЎНІ

— Патрабаванні да афармлення прасторы гасцёўні былі такія: зрабіць адну яскравую адметную сцену, якая б звяртала на сябе ўвагу, астатнюю прастору зрабіць нейтральнай і здзейсніць мару пра фатэль-качалку.

Качалка чакала сустрэчы з новымі ўладальнікамі ў мэблевай кампаніі Furman.

Канапа і пуф былі замоўлены ў дызайн-студыі "GeNtly". Гэтая калекцыя тканінаў адразу спадабалася сваёй вытанчанасцю і стылёвай высакароднасцю. Каларыстычнае развязанне гасцёўні пачало складвацца менавіта пасля знойдзенага спалучэння яскравых паласатых шпалераў і гэтай калекцыі тканінаў.

Гаспадары адзначылі высокую якасць гэтых двух вытворцаў мэблі.

1 /

КУХОННЫЯ БУДНІ

—Кухню гаспадары бачылі прасторай мінімалістычнай, дасягнуць чаго напачатку рамонта здавалася немагчымым – дзве сцяны, на якіх мусіла размясціцца мэбля, былі занятыя неверагоднай колькасцю газавых труб.  Усе іх удалося схаваць і дасягнуць простага, лаканічнага развязання. У мэблю схавалі і вентыляцыю пакоя – на фасадах можна ўбачыць толькі дзве акуратныя вентрашоткі.

Раскладны стол і крэслы — італьянскай фабрыкі Calligaris, а сама кухня беларускага вытворцы.

Над працоўнай зонай для гаспадыні ўсталяваны планшэт, каб не сумна было гатаваць.

1 /

СПАЛЬНЯ

— Спальня згодна пажаданням гаспадароў мусіла мець прыродна-экалагічны ўхіл, таму ў аздабленні прысутнічае больш дрэва і актыўныя шпалеры з кветкавым арнаментам.

Тканіны, ўсе працы па тэкстылю, мантаж мяккай сцяны ў спальні — работа дызайнера па тканінах Вольгі Ларкінай. Ложак і прыложкавая мэбля з Ikea. “Ветразь” над ложкам прызначаны рассейваць святло.  

На паліцы ў спальні фатаздымкі нашай беларускай прыроды аўтарства Аляксандры Баярынай – мой фатаграфічны ўклад у мастацкае афармленне інтэр’ера.

1 /

ДЗІЦЯЧЫ ПАКОЙ

— Дзіцячы пакой праектаваўся з перспектывай, што будзе пасаваць дзяўчынцы, як ў яе сённяшнія 11, так ў яе юнацкія 14-15.

Ложак дзяўчынкі аформілі празрыстымі белымі запавесамі, якія цалкам закрываюць спальнае месца. Юная гаспадыня пакоя падзялілася, што ёй стала лягчэй і прыемней засынаць.

1 /

ВАННЫ ПАКОЙ І ТУАЛЕТ

— Ванны пакой Г-падобны, маленькі, усяго 5,1 м.кв., пры гэтым крыху больш за метр ягонай плошчы гэта проста вузкі калідор шырынёй 80 см., у якім нічога не паставіць. Таму асноўнай задачай было зрабіць пакой функцыянальным — размясціць на чатырох квадратах мыйку, душ і ванну. Добры бонус ваннай – акно.

Пры аздабленні туалета была выкарыстана плітка 10х10 фабрыкі «Керамін». На жаль, былі вельмі не задаволеныя яе якасцю – аказалася вельмі крохкая, кепска рэзалася. Для прыбіральні былі падабраныя два здымкі з сямейных замежных вандровак.

Каб дадаць цеплыні такім маленькім пакоям, што звычайна выглядаюць як каменныя камеры з пліткай да столі, плітку мы на поўную вышыню пакояў не выкарыстоўвалі. Для ваннага пакою была абраная плітка з рознымі арнаментамі, што ў выніку ўтварае прыгожы дыван, а для туалета белая, а вышэй за яе – шпалеры з дробным малюнкам.

1 /

ЦІКАВЫЯ РАШЭННІ

— Амаль за кожным прадметам інтэр’ера стаіць свая маленькая гісторыя. Напрыклад, было цяжка знайсці шкло для дзвярэй, бо трэба было менавіта такое, з вафельным малюнкам. У выніку, калі яго нам выразалі, бурчалі, што такое шкло толькі ў пад’езды бяруць. Але паглядзіце, як яно пасуе нашым дзвярам.

У выбары мадэлі дзвярэй хацелася адыйсці ад стандартнага палатна, якое прапануе рынак.

У гасцёўні хацелася дадаць крыху выпадковасці, “пахуліганіць”. Так з’явілася падвясная свяцільня над жывапісам, падвешаная на адкрытым чорным дроце.

Калі звярнуць увагу на размяшчэнне кропкавых свяцільняў у холе і кухні, дык будзе бачна, што яны сядзяць у тых месцах, у якіх патрэбны функцыянальна і не ўтвараюць стандартныя шэрагі са свяцільняў – гэта было зроблена адмыслова.

1 /

—Некаторыя мерапрыемствы па схаванню дробных прадметаў, што звычайна “руйнуюць” візуальную цэльнасць прасторы, прымянілі ў трох пакоях. На лоджыі аддзялілі і прыкрылі запавесай частку гаспадарчага прызначэння. У гасцёўні схавалі працоўнае месца за рольштору,  у кухні схавалі частку працоўнай стальніцы за дзверку, што ад’язжае ўверх.

Гаспадарчая зона на лоджыі – радасць гаспадыні. За паласатай запавесай хаваецца пральная і сушыльная машына, дошка для прэса, шафы для ўсялякіх гаспадарчых дробязяў – адна займае тарэц памяшкання, другая падвешаная над машынамі – такім чынам ні адзін квадратны дэцыметр не змарнаваны.

1 /

БОЛЬШ НА МАСТАЦТВА, МЕНШ НА ФОН…

— Да падбору твораў мастацтва мы падыйшлі з сур’ёзнымі патрабаваннямі. І такі падыход “больш на мастацтва, менш на фон” мне падаецца сапраўды слушным і вартым. Над канапай у гасцёўні можна ўбачыць дзве працы Аляксандра Вахрамеева – яго загадкавую іранічную графіку так прыемна разглядваць. Злева, амаль на падлозе, на спецыяльнай падстаўцы, красуецца палатно Аляксандра Канавалава – гаспадары кватэры адмыслова ездзілі ў Полацк, каб замовіць яго. Каля тэлевізара таксама праца А. Канавалава. Кухня атрымала два душэўных графічных пейзажа Леаніда Мядзвецкага – добрая памяць пра наведванне яго майстэрні ў Віцебску. У дзяцячым над невялікай ружовай канапай – лёгкая, пазітыўная праца Наталлі Івановай. Дачка прымала непасрэдны ўдзел у выбары твора для свайго пакоя.

Інтэр’ер дадзенай кватэры атрымаў выгляд гарманічнага працягу характараў членаў сям’і, іх адметных, толькі ім ўласцівых рысаў. Як вопратка, што шыецца на заказ, ладна сядзіць, падкрэслівае бляск вачэй і паляпшае настрой. 

ФОТА: Аляксей Казнадзей

Квартира дизайнера по ул. Шпилевского, Минск Квартира в классике по ул. П.Труса в Минске
Продолжая пользоваться ресурсом, вы соглашаетесь с условиями Политики обработки персональных данных.
Этот сайт использует cookies
Понятно